СПРЭ́ЧКІ СУДО́ВЫЯ,
частка судовага разбору, што наступае пасля заканчэння судовага следства. У іх бяруць удзел суб’екты крымін. працэсу для падвядзення вынікаў разгляду справы. У сваіх прамовах яны аналізуюць даследаваныя ў пасяджэнні доказы і выказваюць суду свае меркаванні адносна акалічнасцей справы, віны абвінавачанага, юрыд. кваліфікацыі яго дзеянняў і якой меры пакарання, на думку ўдзельніка С.с., заслугоўвае абвінавачаны, калі суд знойдзе падставы для яго асуджэння. У С.с. удзельнічаюць: дзярж. і прыватныя абвінаваўцы, пацярпелыя, грамадзянскія істцы і адказчыкі або іх прадстаўнікі, абаронца. Першым выступае абвінаваўца. Паслядоўнасць выступленняў інш. удзельнікаў С.с. устанаўлівае суд. Парадак С.с. рэгламентуецца працэсуальным заканадаўствам.
т. 15, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)